Iнфармацыйна-асветніцкi праект "Правы чалавека - твае правы"
Правы чалавека маюць шматвяковую гісторыю. І нягледзячы на тое, што хатні гвалт уяўляе сабой відавочнае парушэнне шэрагу агульнапрызнаных правоў чалавека, толькі адносна нядаўна гэтая праблема была прызнана падпадаючай пад дзеянне міжнароднага права правоў чалавека.
Фільм 3 "Хатні гвалт і правы чалавека" (ч. 1):
Хатні гвалт
Хатні гвалт можна вызначыць як мадэль паводзінаў у любых адносінах (пары, якія бралі шлюб, жывуць разам або сустракаюцца), якая выкарыстоўваецца для атрымання або захавання ўлады і кантролю. Гвалт можа быць фізічным, сэксуальным, псіхалагічным ці эканамічным, або можа мець месца пагроза прымянення такога гвалту.
Раней хатні гвалт часта разглядаўся як прыватная/індывідуальная справа, але насамрэч гэтая сацыяльная хвароба – следства існуючай у грамадстве гендэрнай няроўнасці ў адносінах, якая ўкаранілася ў традыцыйных сістэмах адукацыі і падмацоўваецца існуючымі структурамі ўлады, рэлігійнымі і дагматычнымі перакананнямі.
Пацярпелыя. Хто яны?
Пацярпелымі ад хатняга гвалту могуць быць людзі любога класа, культуры, рэлігіі, сэксуальнай арыентацыі, сямейнага становішча, полу і ўзросту. Хатні гвалт можа мець месца ў любых інтымных ці сямейных адносінах, паміж дзецьмі і бацькамі, паміж братамі і сёстрамі. У той час, як і мужчыны, і жанчыны могуць сутыкацца з выпадкамі хатняга гвалту, жанчыны значна часцей церпяць ад паўторных і сур'ёзных форм жорсткага абыходжання, у тым лiку, сэксуальнага гвалту. Яны таксама з большай верагоднасцю падвяргаюцца пастаяннаму фізічнаму, псіхалагічнаму або эмацыйнаму гвалту цi гвалту, якi прыводзіць да траўмаў або смерці.
Прыкладна кожная трэцяя жанчына (30%) у свеце на працягу свайго жыцця падвяргаецца фізічнаму і/або сэксуальнаму гвалту з боку інтымнага партнёра.
Крыніца: СААЗ
Гвалт у сям'і з'яўляецца глабальнай праблемай, якая выходзіць па-за межы нацыянальных, сацыяльна-эканамічных, культурных, расавых і класавых адрозненняў. Гэтая праблема не толькі шырока разасяроджана геаграфічна, але і шырока распаўсюджана, што робіць такiя паводзіны тыповымі і агульнапрынятымi, а ў некаторых краінах з'яўляецца сацыяльнай нормай.
Якія наступствы?
1. Калі ў краіне не вырашаецца праблема хатняга гвалту, то яна можа прывесці да значных выдаткаў для дзяржавы, пацярпелых і грамадства наогул. Выдаткі могуць быць прамымі і ўскоснымі, матэрыяльнымі і нематэрыяльнымі. Напрыклад, затраты на заработную плату асоб, якія працуюць у прытулках цi аказваюць дапамогу пацярпелым ад хатняга гвалту, з'яўляюцца прамымі матэрыяльнымі затратамі.
2. Гвалт не толькі наносіць цялесныя пакалечанні, але і падрывае сацыяльны, эканамічны, псіхалагічны, духоўны і эмацыйны дабрабыт пацярпелых. Гвалт у сям'і з'яўляецца адной з асноўных прычын дрэннага здароўя жанчын.
3. Фізічныя траўмы і псіхічныя расстройствы жанчын перарываюць або заканчваюць іх адукацыйны і кар'ерны шлях, што вядзе да беднасці і эканамічнай залежнасці. Парушаецца сямейнае жыццё, што аказвае істотны ўплыў на дзяцей, у тым ліку беднасць (у выпадку разводу або паасобнага пражывання).
4. Гвалт у сям'і выступае перашкодай на шляху дасягнення роўнасці, развіцця і міру. Гэта не проста фізічная форма гвалту, якая пакідае толькі цялесныя пакалечанні. Гэта таксама эмацыйная, псіхалагічная мадэль гвалту, якая спусташае і разбурае асобу.
Чаму жанчыны не сыходзяць?
Было ўстаноўлена, што асноўнай прычынай з'яўляецца эканамічная залежнасць. Не маючы магчымасці забяспечваць сябе фінансава, жанчыны змушаныя заставацца ў абразлівых і зневажальных адносінах. Жанчыны таксама асцерагаюцца наступстваў паведамлення аб гвалце і заяўляюць аб нежаданні падвяргаць сябе сораму за тое, што іх ідэнтыфікуюць як пацярпелых ад блiзкага чалавека. Адсутнасць інфармацыі аб альтэрнатывах, спосабах выхаду з сітуацыі таксама прымушае жанчын моўчкі працягваць пакутаваць.
Некаторыя жанчыны могуць лічыць, што заслугоўваюць збіцця з-за нейкіх няправільных дзеянняў з іх боку. Іншыя жанчыны ўстрымліваюцца ад размоў аб гвалце, таму што баяцца, што іх партнёр прычыніць ім яшчэ большую шкоду ў адплату за разгалошванне "сямейных таямніц", ці ім можа быць сорамна за сваё становішча.
Процідзеянне хатняму гвалту
Меры па барацьбе з гвалтам у сям'і ўскосна згадваюцца ва многiх канвенцыях і дэкларацыях, якія накіраваны на спыненне гвалту ў адносінах да жанчын і заклікаюць да роўнасці паміж людзьмі. Гэта маецца на ўвазе ва:
1. Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека 1948 г. (артыкулы 1, 5, 16)
2. Міжнародным пакце аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах 1966 г. (Артыкул 12(1))
3. Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах 1966 г. (Артыкул 7)
4. Дэкларацыі аб выкараненні гвалту ў дачыненні да жанчын (Артыкул 4(c)
Беларусь ратыфікавала Канвенцыю аб ліквідацыі ўсіх форм дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын, а таксама Міжнародны пакт аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах, а значыцца, прыняла на сябе абавязкi па выкананні палажэнняў міжнародных дакументаў. Пры гэтым мы маем жахлівую статыстыку па колькасці пацярпелых у Беларусі і адсутнасць сістэмы ў аказанні дапамогі, як пацярпелым, так і асобам, якія прымяняюць агрэсію.
Результаты социологического исследования распространенности насилия в отношении женщин в Республике Беларусь:
Крыніца: Фонд ААН у галіне народанасельніцтва
Больш падрабязна пра тое, якiя механізмы абароны і дапамогі ёсць у Беларусі для пацярпелых ад хатняга гвалту, мы раскажам у наступным артыкуле.
Глядзіце таксама
Некалькі рэкамендацый псіхолага нашага фонду, як супрацьстаяць гвалту ў сям'і. Спадзяёмся, што ў крытычны для сябе момант вы зможаце ўспомніць і скарыстацца некаторымі з іх:
#хатнігвалт #domesticviolence #домашнеенасилие
#humanrights #yourrights #правычалавека #тваеправы
#правачеловека #твоиправа
Аб праекце: Iнфармацыйна-асветніцкi праект "Правы чалавека - твае правы" (belaruswomen.org)
Юрыдычная дапамога: Праект Фемида (belaruswomen.org)
Атрымаць юрыдычную кансультацыю e-mail: legal@belaruswomen.org
Служба псіхалагічнай дапамогі: Праект Helpline (belaruswomen.org)